Геаграфія
Адміністрацыйны цэнтр раёна, гарадскі пасёлак Брагін, знаходзіцца ў 100 км ад Гомеля, 25 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі. Аўтамабільнымі дарогамі раён звязаны з Хойнікамі, Рэчыцай, Лоевам, Чарнігавам, па тэрыторыі раёна праходзіць чыгуначная галіна Чарнігаў - Оўруч.
Плошча раёна складае 1962 кв. км, працягласць з поўначы на поўдзень – 93 км., з усходу на захад – 46 км. раён мяжуе з Хойніцкім і Лоеўскім раёнамі Гомельскай вобласці, а таксама з Чарнігаўскай і Кіеўскай абласцямі Украіны.
Паўднёва-ўсходні куток Гомельскай вобласці ўразаецца клінам паміж рэкамі Днепр і Прыпяць у месцах іх зліцця. Паверхня раёна – слабхвалістая раўніна, месцамі невысокія пагоркі. Сярэдняя вышыня 110-120 метраў над узроўнем мора. Карысныя выкапні: 5 радовішчаў торфу з агульнымі запасамі 41,9 млн. тон (у тым ліку Паганянскае - 18,5 млн. тон, Брагінскае - 6,7 млн. тон), 3 радовішчы цагляных матэрыялаў - 0,2 млн. куб. м.
Сярэдняя тэмпература студзеня -6,60о С, ліпеня + 18о С. Ападкаў выпадае 533 мм у год. Вегетацыйны перыяд складае 194 дні.
На тэрыторыі раёна працякаюць рэкі Днепр і Брагінка з прытокам Несвіч. У пойме Дняпра размешчана вялікая колькасць азёр. Глебы дзярнова-падзолістыя (32,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (12,1%), дзярнова-забалочаныя (16,8%), тарфяна-балотныя (36%) і іншыя. Па механічнага складу сярод мінеральных глеб суглінкавых - 24,9%, супясчаных – 40,5%, пясчаных – 34,6%.
Лесам занята 28% тэрыторыі, пераважна на поўначы і на паўднёвым захадзе раёна.
У выніку катастрофы на ЧАЭС уся тэрыторыя Брагінскага раёна падвергнулася радыёактыўнаму забруджванню, пры гэтым каля 120000 га або больш за 60% тэрыторыі мае шчыльнасць забруджвання Cs 137 больш за 5 Ku / км кв.