Афиша мероприятий и событий района
2017 - Год науки
Брагину 870 лет
Ru
En

Приемная райисполкома

Адрес райисполкома:
247632, г. п. Брагин, пл. Ленина, д. 4
E-mail: isp@bragin.gomel-region.by
Телефон: 2-12-10
Телефон-факс: 2-13-65

2
Главная Гостям 7 цудаў Брагiншчыны

7 цудаў Брагiншчыны

Рэха далёкай мінуўшчыны

Брагінскі раён Гомельшчыны — сапраўды адзін з найпрыгажэйшых самабытных куточкаў Беларусі. Край гэты мае багатую шматвяковую гісторыю: на яго зямлі былі знойдзены паселішчы неандэртальцаў, дрыгавічоў, захаваліся стаянкі першабытных людзей. Акрамя таго, мяркуецца, што ў ліку першых з ледавіковага палону вызвалілася брагінска-хойніцкая тэрыторыя. Беларускія вучоныя лічаць, што каля 270-250 тысяч гадоў таму пры чарговым пахаладанні, якое носіць назву Мазырская фаза, ледавік затрымаўся тут на некалькі тысячагоддзяў. У выніку ўтварылася Хойніцка-Брагінскае ўзвышша, якое далей на захад працягваецца Юравіцкай і Мазырскай марэннымі градамі.

Захаваліся ў раёне і 13 “капель” метэарытнага дажджу. Вага некаторых з іх каля 70 кілаграмаў. Вучоныя далі гэтым метэарытам назву “Брагін”.

Зразумела, фотаздымкі не заўсёды могуць адлюстраваць прыгажосць тых ці іншых мясцін. Таму будзе лепей, калі вы наведаеце Брагіншчыну і ўбачыце ўсё сваімі вачыма...

Кавалачак космасу

Неяк супрацоўнікі Беларускага навукова-даследчага геолагаразведачнага інстытута атрымалі пасылку ад Сяргея Цеслянка з вёскі Капоранка, што на Брагіншчыне. Там былі кавалачкі пароды і запіска. Аўтар паведамляў, што знойдзены падобны на метэарыт камень і прасіў спецыялістаў даследаваць узоры і даць тлумачэнне. У лабараторыях інстытута былі праведзены адпаведныя аналізы. Устаноўлена, што знойдзены экзэмпляр — несумненна метэарыт. Агульная вага знаходкі — 24,1 кілаграма. Каркас яго ў асноўным з нікелістага жалеза. Па ўсіх прыкметах ён з’яўляецца часткай Брагінскага метэарыта. Чым жа цікавы гэты кавалачак? Перш за ўсё тым, што адносіцца да даволі рэдкага тыпу жалезакаменных метэарытаў — да паласітаў. Па-другое, у зоне падзення метэарыта “Брагін” здараецца нямала загадкавых з’яў, якія нараджаюць шматлікія легенды.

Напрыклад, у ваколіцах вёскі Капоранка ёсць месца, дзе даволі часта гіне ад маланак жывёла, што пасвіцца тут. Цікава, што зямля навокал роўная, забалочаная, паблізу няма ні дрэў, ні слупоў. Кажуць, што ў час вайны дзесьці тут нібыта былі схаваны боепрыпасы, вось маланкі і б’юць у метал.

А можа, тут на глыбіні ляжыць жалезакаменны метэарыт, які і прыцягвае навальнічныя разрады?..

 

Руіны замка Вішнявецкіх

У 1535 годзе Брагін быў падараваны князям Аляксандру і Міхаілу Вішнявецкім. Сваю рэзідэнцыю яны зрабілі ў старым замку, дзе потым, у 1601—1603 гадах жылі слугі-авантурысты, аднаму з якіх належала адыграць амаль што не галоўную ролю ў гісторыі Смутнага часу. Гэта былі Ілжэдзмітрый I і Аляксандр Лісоўскі. Першы трапіў у Брагін у 1603 годзе, калі паведаміў тайну свайго паходжання князю Адаму Вішнявецкаму, пры падтрымцы якога зрабіў кароткачасовую, але бліскучую кар’еру. Што тычыцца Лісоўскага, ён атрымаў славу рабаўніка, які доўгі час са сваім лятучым атрадам спустошваў амаль усе вобласці Маскоўскай дзяржавы.

 

 

Даразахавальніца

У 1990 годзе жыхары вёскі Грушнае перадалі ў Брагінскі гістарычны музей з карціннай галерэяй разную даразахавальніцу — яркі ўзор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва XVIII стагоддзя. Раней яна знаходзілася ў Пакроўскай царкве, якая была пабудавана прыхаджанамі ў 1792 годзе і разбурана ў 1936-м. Тады частку царкоўных рэчаў мясцовыя жыхары схавалі ў сваіх дамах.

 

 

 

 

 

Брагінскі строй

Так называецца традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення ва ўсходнім Палессі. Яму ўласцівы разнастайнасць форм адзення, багацце арнаментальных кампазіцый, адметныя шыйныя ўпрыгожанні. У агульным мастацкім ладзе брагінскага строю — раўнавага маштабаў і прапорцый танальных і каляровых плям у касцюме. Мясцовы касцюм пакідае ўражанне ўстойлівасці і статнасці фігуры.

 

 

 

 

Парк у вёсцы Тэльман

Адзін з помнікаў садова-паркавага мастацтва Брагінскага раёна на правым беразе ракі Брагінкі. Расказваюць, што першапачаткова парк быў створаны прыкладна ў XVII стагоддзі, а напрыканцы XVIII стагоддзя на яго месцы выпісаным з-за мяжы майстрам садова-паркавай справы быў разбіты новы парк, які часткова захаваўся да нашых дзён. У ім раслі ліпа, клён, дуб, граб, вяз, сасна, елка, вярба і іншыя пароды дрэў. Апошнімі з вядомых даглядчыкаў панскага, як яго называлі, парку з’яўляліся прыгонныя садоўнікі-кветкаводы Павел Казачэнка і Мацвей Рачэўскі.

 

 

 

 

Чорная даурская бяроза

Вельмі рэдкі для Беларусі від, амаль нідзе болей у нашай краіне не сустракаецца. Расце на Далёкім Усходзе, у Манголіі, Паўночным Кітаі, Японіі, Карэі. Лічыцца індыкатарам прыгоднасці глебы для земляробства. На Брагіншчыне гэта дрэва можна сустрэць на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, дзе яно была выпадкова знойдзена падчас вывучэння спецыялістамі мясцовай флоры і фауны. Як бачна, сёмае цуда раёна даволі нядрэнна адчувае сябе тут...

 

 

 

 

Камень кахання

Паводле мясцовай легенды, вось на гэтым камені сядзелі Ілжэдзмітрый I і польская прыгажуня Марына Мнішак. Памятаеце, як у “Барысе Гадунове” Аляксандра Пушкіна Ілжэдзмітрый прызнаецца Марыне ў каханні і прапануе стаць яго жонкай? Але ў той час дзяўчына адмовілася (пакуль яе каханы не ўзышоў на маскоўскі трон). Мабыць, гэтыя падзеі адбываліся менавіта тут, за некалькі кіламетраў ад Брагіна... Сярод мясцовых жыхароў, дарэчы, бытавала павер’е: калі ўступаючыя ў шлюб маладыя людзі пасядзяць на гэтым камені, то будуць моцна кахаць адзін аднаго, асабліва калі абмяняюцца кавалачкамі каменя. Нядзіўна, што валун значна зменшыўся ў аб’ёме.

Директива Очередь граждан нуждающихся в улучшении жилищных условий

Интернет-ресурсы